Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё
8 лютага споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Навучэнцы Мазырскага музычнага каледжа змаглі дакрануцца да гісторыі, звязанай з яго жыццём і творчасцю.
Выкладчык беларускай мовы і літаратуры І.Р.Крук падрыхтавала віртуальную экскурсію ў Дом-музей пісьменніка: навучэнцы азнаёміліся з прадметамі хатняга ўжытку, асабістымі рэчамі пісьменніка, фатаздымкамі сям’і, аднакласнікаў і настаўнікаў.
Вельмі кранула маладыя сэрцы выказванне пісьменніка пра беларускае Палессе, і тое, як ўславіў ён сваю малую радзіму – вёсачку Глінішча. «Я нарадзіўся і вырас на Палессі. Гэты сапраўды цудоўны край і яшчэ болей цудоўныя яго людзі – палешукі – увайшлі ў маю свядомасць з таго часу, як я стаў помніць сябе… Я суткамі мёрз у акопах, а перад маімі вачамі стаяла маё гарачае Палессе. Я месяцамі валяўся ў шпіталях – у мяне ў галавах стаялі палешукі. Я пісаў раман пра вайну – яны стаялі за маімі плячамі, хвалюючы маё ўяўленне. I вось настаў дзень, калі я выразна адчуў: усё, больш не магу, трэба пісаць…».
Выкладчык беларускай музычнай літаратуры І.Ю.Кісялёва па-свойму раскрыла літаратурную спадчыну Мележа. Яна падкрэсліла, што літаратурныя творы пісьменніка неаднаразова станавіліся асновай для музычна-тэатральных пастановак і натхнялі музыкантаў. Напрыклад, музыка выконвае значную ролю ў пастаноўцы «Людзі на балоце», якая штогод уключаецца ў рэпертуар Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа. Экранізаваць вядомы твор пісьменніка ўзяўся беларускі кінарэжысёр Віктар Тураў. Музыку да легендарнай экранізацыі напісаў расійска-беларускі кампазітар Алег Янчанка. Па яго творчай задумцы музыка павінна была працаваць на паказ унікальнасці беларускага Палесся – масавыя сцэны, пейзажы, панарамы вёскі, азёр, балот, сялянскіх хат. Павольны тэмп – як архаічны ўклад жыцця палешукоў. Сола кларнета – непасрэдная сувязь з беларускім народным інструментам дудкай. Мелодыя адпавядае беларускім народным спевам. Навучэнцы з задавальненнем паглядзелі эпізод з жыцця сялян палескай вёскі.
Так праз словы і музыку навучэнцы Мазырскага музычнага каледжа дакрануліся да неўміручай спадчыны Івана Паўлавіча Мележа. Яго Палессе, якое ён насіў у душы праз акопы і шпіталі, працягвае жыць не толькі на старонках кніг, але і на тэатральнай сцэне, у кінастужках і ў памяці ўдзячных нашчадкаў. «Сустрэча» з вялікім пісьменнікам яшчэ раз нагадала: сапраўдная літаратура не ведае тэрміну даўнасці, пакуль ёсць тыя, хто здольны
яе пачуць.




