Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

13 красавіка 2026 года свой юбілей адзначае Віктар Леанідавіч Малых – беларускі кампазітар, дырыжор, баяніст, выкладчык Наваполацкага музычнага каледжа, ганаровы грамадзянін г.Наваполацк. На яго творчым рахунку больш за 100 твораў.
Кампазітарскі талент Віктара Малых шматгранны: ад шчырых песень да буйных сімфанічных палотнаў («Сказ аб Хатыні», «Званы над Беларуссю»), ад канцэртных п’ес для саліруючых інструментаў («Элегія», «Раманс») да музыкі да кінафільмаў. Асабліва палюбіліся слухачам яго поўныя гумару і фантазіі віртуозныя апрацоўкі на народныя тэмы («Барыня», «Цыганачка», «Беларуская полька» і інш.). Віктар Леанідавіч – аўтар гімна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і шэрагу яркіх харавых палотнаў духоўнага зместу, у тым ліку «Крыж Еўфрасінні Полацкай».
Творы Віктара Малых рэгулярна гучаць у праграмах аркестравых калектываў Мазырскага музычнага каледжа. Так, Заслужаны аматарскі калектыў «Аркестр беларускіх народных інструментаў» паспяхова выконвае «Старагародскую сюіту», а народны аматарскі калектыў «Аркестр рускіх народных інструментаў» – «Пралог» з музыкі да кінафільма «Шляхціц Завальня». У бягучым навучальным годзе ў выпускной праграме навучэнца Аляксандра Белага (баян) прагучыць Канцэртная апрацоўка беларускай народнай песні «Што за месяц».
Кампазіцыі навапалачаніна ўключаны ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра ім. І.Жыновіча і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь ім. Г.Цітовіча. Яны шырока выконваюцца ў краіне і за яе межамі. Музыка майстра ўвасабляе душу беларускага народа і фарміруе культурны імідж краіны.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




