Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

Наш артыкул прысвечаны пісьменніку, мовазнаўцу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку Змітраку Бядулі (1886–1941), 140-годдзе якога адзначаецца 23 красавіка 2026 года. «Беларускі салавей» – так называлі яго сучаснікі. Магчыма за тое, што ён напісаў знакамітую аповесць «Салавей». Магчыма, за тое, што ў зборніках «Пад родным небам» і «На зачараваных ганях» ён апеў родную зямлю і яе простых, але мудрых людзей.
Змітрок Бядуля шчыра любіў Беларусь: ён не проста марыў пра яе светлую будучыню, але і актыўна працаваў дзеля яе. Пісьменнік супрацоўнічаў у газеце «Савецкая Беларусь», рэдагаваў дзіцячы часопіс «Зоркі» і краязнаўчае выданне «Наш край». Адмысловае месца ў яго творчасці займалі вусная народная творчасць, міфалогія і этнаграфія. Менавіта на фальклорным матэрыяле створана паэма «Ярыла», а багацце палескага фальклору пакладзена ў аснову «Палескіх баек».
Значнай з’явай у беларускай літаратуры стала прыгодніцкая і рамантычная аповесць Змітрака Бядулі «Салавей». Па яе матывах Міхаіл Крошнер, беларускі кампазітар, напісаў аднайменны балет – першы ўзор гэтага жанру ў беларускай музыцы. На вершы паэта кампазітары Уладзімір Алоўнікаў, Канстанцін Галкоўскі і Рыгор Пукст стварылі шматлікія песні.
Апошнім яго творам стала аповесць-казка «Сярэбраная табакерка». У яе аснове – народны сюжэт пра дудара-палешука, які здолеў зачараваць саму Смерць. Аднак Бядуля ператварыў казку ў глыбокую філасофскую прытчу пра барацьбу дабра і зла, жыцця і смерці. Сёння «Сярэбраную табакерку» па праве лічаць духоўным запаветам пісьменніка будучым пакаленням.




