Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

29 сакавіка музычная грамадскасць Беларусі ўшаноўвае юбіляра – Алену Віктараўну Атрашкевіч. Кампазітар, грамадскі дзеяч, педагог, першая жанчына на пасадзе старшыні Саюза кампазітараў Беларусі, чалавек з вялікім сэрцам — усё гэта пра яе. Выпускніца Ленінградскай кансерваторыі, яна прысвяціла свой творчы шлях роднаму краю.
Яе творчасць шматгранная: ад вакальна-сімфанічных палотнаў, эстрадных песень да дзіцячых мюзіклаў. Так, добрай традыцыяй Мазырскага драматычнага тэатра ім. І.Мележа стаў штогадовы паказ музычнай казкі «Цётачка Прастуда і Новы год» (музыка А.В.Атрашкевіч). Менавіта Алене Віктараўне належыць музыка гімна Мінскай вобласці «Міншчына», афіцыйна зацверджанага ў 2006 годзе.
Заслугі кампазітара высока ацэнены дзяржавай і прафесійнай супольнасцю. Яна ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, удастоена нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра», звання «Чалавек года Міншчыны» і Ганаровага знака Міністэрства культуры «За значны асабісты ўклад у беларускую культуру». Алена Віктараўна таксама з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі «Лепшы кампазітар года».
Вялікую ўвагу Алена Віктараўна надае адукацыі. Па яе ініцыятыве ў 2006 годзе ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў была адкрыта спецыяльнасць «Мастацтва эстрады (спевы)». І ўжо 20 год яе клас з’яўляецца творчай лабараторыяй, у якой нараджаюцца новыя песні. Сярод яе вучняў – пераможцы і лаўрэаты конкурсаў «Славянскі базар», «Еўрабачанне» і іншых форумаў.
Сама кампазітар зазначае, што амаль усё жыццё працуе з моладдзю, шмат піша для дзяцей. Ёй належаць зборнікі песень «Лодка дзяцінства», «Спяваем разам», «Дарогамі вайны і перамогі». Творчасць Алены Атрашкевіч аб’ядноўвае пакаленні. Яскравым прыкладам стала творчая сустрэча ў Мазырскім музычным каледжы: у той дзень музыка юбіляра згуртавала і тых, хто даўно знаёмы з аўтарам, і тых, хто толькі адкрыў для сябе яе шматгранны талент.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




