Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца — роднае, свае

У сучаснай музычнай прасторы Беларусі асаблівае месца займаюць музыканты, якія спалучаюць талент выканаўцы з дарам кампазітара. Яркім прадстаўніком гэтай плеяды з’яўляецца Вольга Сяргееўна Падгайская – кампазітар і арганіст, чыя творчасць уносіць значны ўклад у развіццё акадэмічнага і духоўнага мастацтва рэспублікі.
Яе творчы дыяпазон шырокі: ад сімфанічных палотнаў і харавых твораў да музыкі для тэатра і кіно. У аснове яе стылю — сінтэз традыцый айчыннай школы і сучасных кампазітарскіх тэхнік. Кампазітар не баіцца смелых эксперыментаў, ствараючы музыку для нетрадыцыйных інструментальных калектываў. Такія, напрыклад, «Шэсць дзён маўчання» для голасу, тубы, кларнета, літаўр, віяланчэлі і вібрафона або «Сонца згарэла» для валторны, марымбы і фартэпіяна. Назвы яе сачыненняў заўсёды глыбокія і вобразныя, накіроўваюць фантазію слухача па зададзеным аўтарам шляху.
Акрамя кампазіцыі, Вольга Сяргееўна скончыла Беларускую акадэмію музыкі па класе аргана, і многія яе сачыненні – гэта складаныя кампазіцыі з удзелам гэтага інструмента. Так, п’еса «Туман» для аргана і сімфанічнага аркестра, напісаная на замову Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, гучала ў адным канцэрце з авангарднымі творамі Сафіі Губайдулінай.
Імя Вольгі Падгайскай звязана са мноствам арыгінальных праектаў: лядовая опера-буф да Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі, фестываль нямога кіно і жывой музыкі «Кінема», а таксама штогадовы асветніцкі праект «Бах у метро».
Творчы шлях Вольгі Сяргееўны Падгайскай, якая адзначае юбілейную дату ў гэтыя дні (21 сакавіка 2026 года), – гэта прыклад служэння мастацтву, дзе кожны канцэрт і кожны новы твор становяцца часткай вялікай культурнай спадчыны Беларусі.




