Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, свае
Масленіца – гэта народнае свята славян, якое сімвалізуе развітанне з зімой і сустрэчу доўгачаканай вясны. Гэта жывая традыцыя, якая нагадвае нам, як важна размаўляць, дараваць і радавацца напярэдадні новага жыццёвага цыкла. Масленіца некалі адзначалася на працягу двух тыдняў: першы святочны тыдзень сімвалізаваў заканчэнне зімы, а другі – пачатак каляндарнай вясны. Масленічны тыдзень у 2026 годзе працягнецца з 16 па 22 лютага.
Кожны дзень святочнага тыдня мае сваю ўнікальную назву і традыцыі. Панядзелак – «Сустрэча», калі пачыналі пячы першыя бліны і будавалі пудзіла Масленіцы. Аўторак – «Зайгрышы», час для сватаўства і вясёлых гульняў. Серада – «Ласаўка», чацвер – «Разгул» – працягваліся сямейныя застоллі. Кульмінацыяй свята лічыцца шырокая пятніца, субота і, вядома, нядзеля – «Даравальная нядзеля». Менавіта ў гэты дзень у Беларусі прынята прасіць адзін у аднаго прабачэння за ўсе крыўды. Завяршаецца ўсё рытуальным спальваннем пудзіла Масленіцы. Гэты абрад сімвалізуе знішчэнне ўсяго старога і ачышчэнне перад новым жыццёвым цыклам.
Галоўны сімвал свята – залацістыя бліны, круглыя і гарачыя, як сонца, якое з кожным днём узнімаецца ўсё вышэй. Гэта не проста пачастунак, а абярэг і знак гасціннасці.
Навучэнцы Мазырскага музычнага каледжа заўсёды актыўныя ўдзельнікі гарадскіх масленічных мерапрыемстваў, таксама яны ўдумліва і сур’ёзна вывучаюць народныя традыцыі на занятках па прадмеце «Музычны фальклор». Лепшыя песні-маслёнкі – «На гарэ бабы сядзелі», «Мы маслінку дажыдалі», «А на гарэ сонца» – яны выканаюць жыхарам і гасцям Мазыра.
Масленіца нам нагадвае: зіма не вечная, і за ёй абавязкова прыйдзе вясна – з новымі сіламі, святлом і цяплом.




