Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

16 кастрычніка – дзень нараджэння славутага беларускага кампазітара, педагога, класіка нацыянальнай музыкі, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Пятра Пятровіча Падкавырава (1910–1977).
Ураджэнец Чэлябінска, Пётр Падкавыраў быў узрушаны самабытнасцю нацыянальнага музычнага фальклору і прыгажосцю беларускага слова. Ён з вялікім энтузіязмам займаўся апрацоўкамі народных песень і танцаў, звяртаўся да творчасці беларускіх паэтаў, ствараў рамансы і песні на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, П.Панчанкі, П.Глебкі, А.Астрэйка, Э.Агняцвет.
Кампазітар плённа працаваў у розных жанрах, аднак найбольш поўна яго талент раскрыўся ў сімфанічнай і камерна-інструментальнай музыцы. Яго спадчына ўключае тры сімфоніі, канцэрты, фартэпіянны квінтэт, пяць струнных квартэтаў, праграмныя п’есы. Адным з самых чуллівых твораў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, па праве лічыцца фартэпіянны цыкл «Дваццаць чатыры прэлюдыі».
На жаль, сёння музыка Падкавырава гучыць не так часта, як таго заслугоўвае. Змяняюцца эпохі і музычныя прыхільнасці, але мы ўпэўненыя: сапраўднае мастацтва вечнае, і яго абавязкова чакае другое нараджэнне.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




