Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё
27 ліпеня 1937 года нарадзіўся Дзмітрый Браніслававіч Смольскі – выдатны беларускі кампазітар, педагог і грамадскі дзеяч, адна з ключавых фігур у станаўленні сучаснай беларускай акадэмічнай музыкі. Ён з’яўляецца аўтарам опер, балетаў, сімфоній, араторый, п’ес для народнага аркестра і разнастайных камерных саставаў. Своеасаблівасць кампазітарскага стылю Дз.Смольскага заключаецца ў арыгінальным сінтэзе новага і традыцыйнага, у нетрывіяльным спалучэнні розных стылістычных манер, творчым пераасэнсаванні музычнай мовы твораў і трактоўцы музычных жанраў.
Дзмітрый Браніслававіч разглядаў педагагічную дзейнасць як натуральны працяг сваёй кампазітарскай справы. Пад яго кіраўніцтвам вырасла некалькі пакаленняў беларускіх дзеячаў культуры: больш за семдзесят сучасных кампазітараў, сярод якіх Галіна Гарэлава, Дзмітрый Лыбін, Уладзімір Кур’ян, Андрэй Бандарэнка, Ларыса Сімаковіч, Уладзімір Каральчук і многія іншыя.
У інтэрв’ю Дз.Б.Смольскі неаднаразова падкрэсліваў: «Мне пашанцавала, я заўсёды займаўся тым, што больш за ўсё люблю, – творчасцю. І ніколі нікога не ўгаворваў выконваць мае творы. Калі выканаўцам яны падабаюцца – для мяне гэта вышэйшая ўзнагарода і шчасце». Гэтыя словы знайшлі прамое пацверджанне ў канцэртнай практыцы Мазырскага музычнага каледжа. Музыка кампазітара тут гучыць пастаянна: канцэрты Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра беларускіх народных інструментаў традыцыйна пачынаюцца з выканання Уверцюры № 3, а ў праграмах навучэнцаў аддзялення народных інструментаў нязменна прысутнічаюць канцэрты для цымбал з аркестрам.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




