Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё
22 чэрвеня 2026 года свой 75-гадовы юбілей адзначае Валянціна Васільеўна Сярых – беларускі кампазітар, заснавальнік і кіраўнік першай у Рэспубліцы Беларусь прафесійнай дзіцячай вакальнай студыі эстраднага напрамку «Званочак», а ў 1994–2000 гадах – вядучая радыёперадачы «Музычны домік».
У сваёй творчасці В.В.Сярых абапіраецца на традыцыі рускай класічнай музыкі і беларускі фальклор. Яе сачыненні адрозніваюць выразная мелодыка, светлая гарманічная палітра, эмацыянальная глыбіня і яркая вобразнасць.
Найбольш поўна талент кампазітара раскрыўся ў галіне камернай музыкі. Для фартэпіяна – «Прэлюдыя і фуга», «Сюіта», «Трыпціх», «Факстрот-жарт», для іншых інструментаў – Трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна, Саната для габоя і фартэпіяна, «Пастаральная» саната для флейты і фартэпіяна Марш-скерца для скрыпічнага ансамбля.
У галіне вакальнай лірыкі кампазітар стварыла своеасаблівую галерэю партрэтаў, прысвечаных М.Багдановічу, М.Танку і М.Цвятаевай, у музыцы беражліва захаваны паэтычная лексіка, эмацыянальны лад і вобразная сістэма арыгінальных вершаў.
Значнае месца ў спадчыне В.В.Сярых займае музыка для дзяцей. У гэтым раздзеле творчасці прадстаўлены песні-маналогі, музычныя замалёўкі, «споведзі» і жарты, якія сыходзяць каранямі ў народную вобразнасць, свет дзіцячай казкі і мары. Сярод вядомых твораў – фартэпіянная п’еса «Танец маленькага медзведзяня», песні «Залаты карасік», «Месяц і слон», «Ручаёк», «Добрай ночы, сад». Творы кампазітара, у прыватнасці песні «Ягарачка» і «Мы ідзем гукаць вясну», уключаны ў школьныя праграмы па музыцы і рэгулярна гучаць на навучальных занятках.
Валянціна Васільеўна паспяхова рэалізуе сябе ў сумежных сферах музычнай культуры: журналістыцы, педагогіцы, прадзюсіраванні і канцэртнай дзейнасці.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




