Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё
Эпітэт «Волат беларускай музыкі» замацаваўся за кампазітарам Анатолем Васільевічам Багатыровым яшчэ пры яго жыцці. Ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай кампазітарскай школы і выхаваў цэлую плеяду выдатных дзеячаў культуры: Генрыха Вагнера, Ігара Лучанка, Яўгена Глебава, Юрыя Семяняку, Віктара Войціка, Леаніда Захлеўнага, Алега Хадоску і многіх іншых.
Творчы шлях А.В.Багатырова ахапіў амаль семдзесят гадоў. У яго спадчыне – оперы і сімфоніі, кантаты і інструментальныя канцэрты, а таксама мноства твораў камерных жанраў. У гады Вялікай Айчыннай вайны кампазітар напісаў кантаты «Беларускім партызанам» і «Ленінградцы». Асаблівае месца ў яго творчасці займае опера «У пушчах Палесся», лібрэта да якой стварыў Якуб Колас. Яе прэм’ера стала важнай падзеяй у музычным жыцці краіны.
Творчасць Анатоля Багатырова глыбока нацыянальная: кампазітар беражліва захоўваў і развіваў традыцыі беларускага фальклору, народнай песні і паэзіі. Яго натхнялі вершы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Максіма Танка. У кантаце «Беларускія песні» арганічна спляліся народныя тэксты і паэтычныя радкі Ніла Гілевіча.
Творы Анатоля Васільевіча Багатырова па праве ўваходзяць у залаты фонд беларускай музыкі і забяспечваюць ёй значнае месца ў агульнаеўрапейскай культуры.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




