Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

Штогод, 5 чэрвеня, беларусы аддаюць даніну павагі вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай:.
Прападобная Еўфрасіння – полацкая князёўна, манашка і ігумення Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра, паломніца, мецэнатка, шанаваная як святая. З яе імем звязаны заснаванне першых школ і бібліятэк, станаўленне традыцый дойлідства і іканапісу, а таксама развіццё рамёстваў. Дзякуючы яе падзвіжніцкім працам у Полацку актыўна вялося летапісанне, а бібліятэка Сафійскага сабора папаўнялася новымі рукапісамі. Прападобную Еўфрасінню па праве лічаць адной з першых асветніц на беларускіх землях: заснаваны ёю манастыр стаў не толькі месцам духоўнага служэння, але і цэнтрам асветы, у якім дзяўчаты навучаліся грамаце і кніжнай справе. Яна глыбока ўсведамляла, што веданне – гэта святло і вышэйшае дабро і шчодра дзелячыся ім, чалавек упрыгожвае свет вакол сябе.
Вобраз прападобнай Еўфрасінні стагоддзямі натхняў іканапісцаў, мастакоў, пісьменнікаў і кампазітараў. Яскравым помнікам беларускай музычнай культуры служыць рукапісны зборнік «Спевы Еўфрасінні Полацкай» (XII–XVII стст.), які ўключае харавыя і сольныя спевы. У гэтых манодыйных распевах ярка праявілася нацыянальная своеасаблівасць, якая выяўляецца ў сінтэзе традыцый знаменнага распеву і грыгарыянскага харала. Тэкставую аснову гэтага музычнага помніка складае «Жыціе Еўфрасінні Полацкай». У музыцы ўзвышша і духоўная прасветленасць гарманічна спалучаюцца з унутранай стрыманасцю і строгасцю.
Больш за восем стагоддзяў прападобная Еўфрасіння, апякунка беларускай зямлі, па-ранейшаму застаецца ўзорам вернасці высокім ідэалам, духоўнай стойкасці і мудрасці. Яе жыццё і працы сталіся вечным сімвалам маральнай чысціні, асветніцкага служэння і непахіснай веры ў чалавека.




