Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

25 мая 1938 года нарадзіўся народны паэт Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны – Уладзімір Іванавіч Карызна.
Яго творчы шлях пачаўся яшчэ ў 1956 годзе, і за дзесяцігоддзі плённай працы ён падарыў чытачам дзясяткі зборнікаў вершаў для дзяцей і дарослых – «Край мой сінявокі», «Жураўліны досвітак», «Шумяць вербы», «Музыка ў свеце», «Мір і сонейка для ўсіх»; пераклаў на беларускую мову кнігу вершаў А.Матуціса «Мамчын пірог», тэксты дзіцячых паэтаў для серыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР». Ім выдадзены зборнікі песень «Клубныя вечары», «Салавей спявае».
Больш за дзвесце вершаў былі пакладзены на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі. З У.Карызнай супрацоўнічалі Я.Глебаў, Д.Смольскі, І.Лучанок, Э.Ханок, Л.Захлеўны, У.Карызна-малодшы. А песня «Люблю цябе, Белая Русь» на музыку Ю.Семянякі выконваецца хорамі Мазырскага музычнага каледжа на ўсіх грамадска значных мерапрыемствах.
Для ўсёй краіны імя Уладзіміра Іванавіча назаўжды звязана з Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь. Радкі «Мы – беларусы!» сталі сімвалам нашай незалежнасці, гонару і адзінства.




