Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

Ларыса Фёдараўна Мурашка – кампазітар, педагог, чый юбілей – 75 гадоў – адзначае музычная грамадскасць Беларусі 17 мая 2026 года.
Цэнтральнае месца ў яе творчасці займае камерна-інструментальная музыка. Сярод найбольш вядомых твораў – сюіта «Штрых» для цымбалаў і фартэпіяна, ансамблевыя цыклы для струнных і драўляных духавых інструментаў, а таксама фартэпіянныя творы: цыкл п’ес «Казка», сюіта «Каляровыя сны» і многія іншыя.
Мастацкі почырк Л.Ф.Мурашка глыбока ўкаранёны ў беларускай музычнай традыцыі: нацыянальныя інтанацыі арганічна ўплятаюцца ў сучасную музычную мову, набываючы новае, яркае гучанне. Гэта кантата «Замчышча», харавы цыкл «Жалейка» і хор «А хто там ідзе» (на словы Я.Купалы), сюіта «Метамарфозы» для цымбалаў і фартэпіяна. Значную старонку ў спадчыне кампазітара займае музыка для дзяцей.
Напоўненая выявамі народных і аўтарскіх казак, яна стварае атмасферу душэўнай чысціні, радасці і дабрыні. Л.Ф.Мурашка – аўтар музыкі да вядомых дзіцячых спектакляў «Дзень нараджэння ката Леапольда», «Іван-царэвіч і шэры воўк», «Чортаў скарб».
Творы Л.Ф.Мурашка трывала ўвайшлі і ў сучасную школьную праграму па музыцы. Навучэнцы з задавальненнем знаёмяцца з п’есамі кампазітара «Сумная песня восеньскага лесу», «Вясёлы дожджык», «Вальс першых сняжынак», «Гульня ручайка», «Марш каляровых салдацікаў».
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




