Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё

Уладзімір Аляксандравіч Грушэўскі – асоба шматгранная. Двойчы скончыўшы Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (па класах баяна і кампазіцыі), ён зарэкамендаваў сябе як таленавіты кампазітар, педагог (Баранавіцкае музычнае вучылішча) і кіраўнік (дырэктар 1-й музычнай школы мастацтваў г.Баранавічы). Свой талент Уладзімір Аляксандравіч ужыў і ў нотна-выдавецкай дзейнасці: выпушчана больш за 40 зборнікаў, якія ўключаюць не толькі яго ўласныя творы, але і музыку іншых беларускіх кампазітараў (Г.Гарэлавай, К.Цесакова, Л.Мурашкі, М.Сіраты, Л.Маліноўскага, У.Карэтнікава). Працы кампазітара былі высока адзначаны – ён узнагароджаны медалём «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».
Кампазітар плённа працуе ў розных музычных жанрах. Ён з’яўляецца аўтарам твораў для баяна, фартэпіяна і інструментальных ансамбляў, араторыі «Гусаўца голас» (на тэкст М.Гусоўскага), сімфанічнай карціны «А хто там ідзе?» (на вершы Я.Купалы). Адмысловае месца ў творчасці Ўладзіміра Аляксандравіча займае вакальная музыка: хоры (а капэла і з суправаджэннем), рамансы і песні. Тэма Радзімы – адна з ключавых у творчасці В.А.Грушэўскага. Музыка кампазітара раскрывае яго шчырую цікавасць да гісторыі роднай краіны. Выявы Беларусі натхнілі аўтара на стварэнне кантаты ў сямі частках «Сэрца роднае» (на вершы М.Багдановіча), а таксама на апрацоўку беларускіх народных песень «Мікіта» і «Учора лісухна ў госцях была».
У дзень нараджэння Уладзіміра Аляксандравіча (20 красавіка) мы сардэчна віншуем юбіляра! З цеплынёй успамінаем нашу творчую сустрэчу ў Мазырскім музычным каледжы, жадаем моцнага здароўя і невычэрпнага натхнення.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




