Кожная пятніца – роднае, сваё
Кожная пятніца – роднае, сваё
Імя гэтага таленавітага беларуса знаёма многім пакаленням: ён адкрыў свой «Родны кут» людзям усёй Зямлі, растлумачыў свету, чаму заўсёды «Жураўлі на Палессе ляцяць». Ігар Міхайлавіч Лучанок (1938-2018), якога мы ўзгадваем 6 жніўня, – аўтар больш як чатырохсот твораў і чалавек, без якога немагчыма ўявіць беларускую музычную культуру. Яго музыка гучыць шчыра і пранікнёна, абуджаючы ў душах людзей дабрыню і каханне. У песнях Лучанка апяваецца сям’я, бацькоўскі дом і любімая Радзіма. Сапраўднай класікай песень пра Вялікую Айчынную вайну сталі яго «Калі б камяні маглі гаварыць…», «Майскі вальс», «Ліст з сорак пятага» і «Салаўі Хатыні», а жамчужынамі лірычнага рэпертуару – «Алеся», «Спадчына» і «Мой родны кут».
У гісторыю беларускай культуры Ігар Лучанок увайшоў не толькі як выдатны кампазітар, але і як таленавіты педагог, актыўны грамадскі дзеяч. У 1980-я гады ён узначальваў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, а з 1980 года і да канца жыцця нязменна кіраваў Беларускім саюзам кампазітараў. Менавіта ён стаў ініцыятарам міжнародных фестываляў «Чырвоныя гваздзікі», «Славянскі базар» і «Афганістан баліць у маёй душы», а таксама адным з арганізатараў буйных дабрачынных акцый у дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы: «Масква-Брэст-Берлін: новая дарога!» і «Чарнобыльскі шлях».
У кожнай ноце музыкі Ігара Лучанка гучыць дыханне беларускай зямлі. Уся яго творчасць – без астатку і назаўжды – належыць гэтай шчодрай зямлі і яе людзям.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




