Памятные даты
Кожная пятнiца- роднае, сваё

Беларуская музычная культура адзначыла юбілейную дату – споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння (1936–2018) Кіма Дзмітрыевіча Цесакова, беларускага кампазітара, педагога, Заслужанага дзеяча мастацтваў, члена Саюза кампазітараў БССР.
Працуючы практычна ва ўсіх музычных жанрах, ён стаў заснавальнікам арыгінальнага жанру – радыёоперы (першай беларускай радыёоперы «Барвовы світанак» паводле раманаў І. Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»).
Музыцы К. Д. Цесакова ўласцівы маштабнасць, вобразна-драматургічнае абагульненне, філасофская глыбіня. Асноўная тэма яго твораў – гераічны подзвіг народа ў барацьбе за свабоду і шчасце роднай зямлі.
«Музыка кампазітара прыцягвае жывым дыханнем сучаснасці, яна нацыянальна афарбаваная, з моцным уплывам фальклору», – гаварылі пра яго ў Беларускім саюзе кампазітараў. Сапраўды, кампазітар абапіраўся ў творчасці на народна-песенныя традыцыі. Для яго музычнай мовы характэрна спалучэнне меладычных абаротаў і інтанацый, блізкіх да народна-песеннага мастацтва, з сучаснымі сродкамі выразнасці.
Кім Дзмітрыевіч з вялікім задавальненнем працаваў з творчай моладдзю рэспублікі, ствараў рэпертуар для дзіцячых музычных школ. Пісаў тое, у чым было запатрабаванне: п’есы для трубы, флейты, альт-саксафона, для дзіцячага хору, фартэпіяна ў чатыры рукі і інш.
Сёння творы кампазітара гучаць на канцэртных пляцоўках па ўсім свеце: ад Польшчы да Францыі, ад Грэцыі да Вялікабрытаніі. У Беларусі выдадзена пяць кампакт-дыскаў пад агульнай назвай «На іголцы часу». Захавалася музыка К.Д.Цесакова таксама ў шматлікіх зборніках для дзяцей і юнацтва. Так, бібліятэка Мазырскага музычнага каледжа прапануе навучэнцам-скрыпачам п’есы «Песня вясны» і «Полька-журавінка», піяністам – сюіту «Фарбы года», Прэлюдыі і фугі.
Любіце беларускае! Няхай айчынная музыка гучыць у нашых песнях і сэрцах!




