Мероприятия
Скарбы роднай мовы




Мова – галоўны захавальнік нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Яна сімвалізуе паразуменне, дыялог, цярплівасць і гістарычную памяць. Сёння ў свеце існуе больш за шэсць тысяч моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Каб прыцягнуць увагу да гэтай праблемы і падтрымаць моўную разнастайнасць, ЮНЕСКА заснавала Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.
Для нашага народа родная мова – беларуская. З пакалення ў пакаленне яе бераглі і перадавалі як непаўторны культурны код. Кожны з нас павінен унесці свой уклад у падтрымку і захаванне роднай мовы.
Навучэнцы Мазырскага музычнага каледжа прынялі удзел у квэсце «Шукаем скарбы роднай мовы». Творчыя заданні былі накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы праз музычнае мастацтва, садзейнічалі развіццю не толькі моўных навыкаў, але і музычнай эрудыцыі, вакальнага майстэрства і ўвагі да мастацкага тэксту.
Першакурснікам трэба было прайсці чатыры станцыі. На першай – «Знайдзі памылку ў тэксце» – шукалі і выпраўлялі арфаграфічныя памылкі. На другой – успаміналі радкі вершаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка. Трэцяя станцыя – «Чыстагаворка» – узняла настрой усім удзельнікам, якім трэба было беспамылкова вымавіць скорагаворку на беларускай мове. На фінальным выпрабаванні юнакі і дзяўчаты адгадвалі мелодыі любімых песень «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Касіў Ясь канюшыну» і інш.
Завяршылася мерапрыемства дружным выкананнем беларускай народнай песні «Купалінка».
Віншуем усіх са святам! Ганарыцеся сваімі каранямі і беражліва захоўвайце ў сэрцах чароўныя напевы роднай мовы!




